Напярэдадні святкавання Дня народнага адзінства, 15 верасня 2023 года ў рамках акцыі “Архівы – школе” установай “Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці” для навучэнцаў 9 класа ДУА “Сярэдняя школа № 40 імя В.І. Крамко г. Гродна” быў праведзены ўрок на тэму “Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР”.
Супрацоўнікі архіва расказалі школьнікам аб сацыяльна-эканамічных і культурных пераўтварэннях на тэрыторыі Гродзеншчыны пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе. Навучэнцам былі прадэманстраваны дакументальныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць рэалізацыю савецкай палітыкі ў заходніх абласцях БССР: загады аб нацыяналізацыі прамысловых прадпрыемстваў і ўстаноў, пратаколы зямельнага аддзела аб адводзе зямель насельніцтву, загады аддзела адукацыі аб рэарганізацыі польскіх школ у беларускамоўныя і многія іншыя дакументы.
Завяршыўся ўрок агляднай экскурсіяй па архіве, падчас якой дзеці наведалі лабараторыю па рэстаўрацыі, вокладцы і рамонце дакументаў, а таксама архівасховішча.