16 ліпеня 2023 года наш горад Гродна адзначыў 79-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты дзень упісаны ў гісторыю Прынёманскага краю чырвонымі літарамі як памяць аб вялікай падзеі-вызваленні ад фашызму, жорсткасці, гора, болю і страху. У гэты дзень гараджане наведваюць святыя месцы, каб ушанаваць памяць аб самаадданай мужнасці загінуўшых герояў, якія падарылі нам будучыню, жыццё і свабоду. У дзень вызвалення горада Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці наведалі вайсковыя могілкі на вуліцы Белуша, дзе ўсклалі кветкі да мемарыяльнай стэлы героям, большасць з якіх загінула пры вызваленні Гродна, на магілу невядомага салдата, да скульптурнай кампазіцыі “Заўсёды напагатове”.
Вайсковыя могілкі на вуліцы Белуша былі створаныя ў 1888 годзе, і ў цяперашні час з’яўляюцца адным са старых могілак горада Гродна. На тэрыторыі могілак размешчаны мемарыял абаронцам Гродна – на белых плітах брацкай магілы пазначаны імёны салдат і афіцэраў, якія загінулі за вызваленне Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Створана Алея герояў, імёны якіх выбітыя залатымі літарамі на чырвоных гранітных плітах. Таксама на Вайсковых могілках знаходзяцца помнік “Журботная жанчына і суворавец” і помнік воіна з вянком, прысвечаны героям, якія загінулі ў баях за незалежнасць нашай Радзімы, магіла невядомага савецкага салдата, мемарыял “Заўсёды напагатове”, комплекс брацкіх і індывідуальных магіл, усталяваны ў гонар савецкіх воінаў, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У лістападзе 2021 года на вайсковых могілках быў усталяваны помнік-бюст ураджэнцу горада Гродна А.І. Антонаву, які ўдзельнічаў у распрацоўцы практычна ўсіх значных аперацый савецкіх войскаў у Вялікай Айчыннай вайне са снежня 1942 года, у тым ліку беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі “Баграціён”.






