Гісторыя архіва

Сваю гісторыю Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці адлічвае з кастрычніка 1944 года. Абласны архіў, як і многія архівы ў тыя гады, быў размешчаны ў будынку нямецкай кірхі ў цэнтральнай частцы горада Гродна па вуліцы Акадэмічная, 7а. архівасховішчы былі абсталяваны драўлянымі стэлажамі ў тры ярусы. Першы і другі паверхі двухпавярховай прыбудовы былі прыстасаваныя пад працоўныя пакоі.

У 1993 годзе архіў пераехаў у новы спецыялізаваны сяміпавярховы
будынак па вуліцы Дзяржынскага, 84. На пяці паверхах будынка размешчаны
архівасховішчы, на першым і другім – службовыя памяшканні, чытальная зала,
лабараторыя.

Згодна з першым пашпартам, складзеным у 1944 годзе, у архіве налічвалася 20 фондаў у колькасці 11000 спраў. Многія з іх паступілі ў архіў у выглядзе россыпі. Але ўжо да чэрвеня 1946 года, калі архіў перайшоў у падпарадкаванне архіўнага аддзела ўпраўлення МУС па Гродзенскай вобласці, налічвалася 55 фондаў і 18 500 адзінак захоўвання. На 01.01.2023 у архіве маецца на захоўванні 1743 фонды і каля 570000 адзінак захоўвання пачынаючы з 1919 года і па цяперашні час.

Найбольш раннія дакументы архіва даюць уяўленне аб першых органах Савецкай улады – рэвалюцыйных камітэтах. Архіў захоўвае каштоўныя дакументы па перыядзе ўваходжання Гродзеншчыны ў склад Польшчы. Менавіта гэтаму комплексу дакументаў нанесены непапраўны ўрон у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Тым не менш, дакументы, якія захаваліся за 1919-1939 гады, адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну, народную гаспадарку, адукацыю, культуру, ахову здароўя да ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.

Архіў захоўвае дакументы перыяду часовай нямецка-фашысцкай акупацыі –фонды ўстаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Гродзеншчыны. Амаль усе дакументы на нямецкай мове. У фондах архіва маюцца трафейныя карткі ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў нямецкіх лагерах, медыцынскія пасведчанні грамадзян, адпраўленых на працу ў Германію, пасведчанні вязняў гета, анкеты рабочых, паведамленні аб прызыве на працу, інфармацыі аб гета і інш.

Самы вялікі масіў дакументаў архіва – гэта дакументы савецкага перыяду. Асноўную частку фондаў архіва дадзенага перыяду складаюць фонды: органаў дзяржаўнай улады і кіравання; дзяржаўнага і народнага кантролю; юстыцыі, суда і пракуратуры; фінансавання і дзяржаўнага страхавання; планавання і статыстыкі; кіравання народнай гаспадаркай, прамысловых прадпрыемстваў; устаноў і арганізацый сельскай, лясной і воднай гаспадаркі; будаўніцтва і архітэктуры; камунальнай гаспадаркі, транспарту і сувязі; гандлю, грамадскага харчавання, збыту, нарыхтоўкі і кааперацыі; народнай адукацыі, навучальных устаноў; культуры, мастацтва, масавай інфармацыі; фізкультуры і спорту; аховы здароўя, прафсаюзных і іншых грамадскіх арганізацый.

Дакументы постсавецкага перыяду прадстаўлены ў фондах устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, створаных у 90-я гады ХХ стагоддзя – гэта падатковыя інспекцыі, камітэт па дзяржмаёмасці, сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы, адкрытыя акцыянерныя таварыствы, таксама ўстановы, арганізацыі, прадпрыемствы, якія працягваюць сваю дзейнасць у цяперашні час.

У фондах асабістага паходжання сабраны дакументы аб жыцці і дзейнасці доктара гістарычных навук, прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Я.М.Мараша; філосафа, члена-карэспандэнта Акадэміі Навук СССР, ураджэнца г. Гродна А. Макавельскага; пісьменніка Аляксея Карпюка, кандыдата гістарычных навук, прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы В.М. Чарапіцы, прафесара Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута В.Ч. Брэжскага і інш. Маюцца таксама асабістыя справы пісьменніка Янкі Брыля і паэткі Дануты Бічэль, якія працавалі ў чытальнай зале архіва ў 1958-1960 гадах.

Асаблівую цікавасць уяўляе асабісты фонд дырэктара дзяржархіва Гродзенскай вобласці, заслужанага дзеяча культуры БССР А.М.Пляшавені, які нязменна кіраваў архівам больш за 30 гадоў і ўнёс значны ўклад у развіццё архіва. Фонд прадстаўлены тэкстамі лекцый, артыкуламі, тэматычнымі падборкамі дакументаў і фотакопіямі, выяўленымі ў розных музеях і архівах Рэспублікі, сцэнарамі тэле- і радыёперадач з удзелам А.М. Пляшавені. Дапаўняюць фонд карты-схемы Карпацкай, Праснышскай, Лодзинскай і інш. баявых аперацый, карта адміністрацыйнага падзелу Польшчы 1938 года, дакументы 7-га міжнароднага кангрэса архівістаў у г. Маскве, у якім прымаў удзел Аляксандр Нікіціч.

У архіве маюцца і калекцыі дакументаў. Яны захоўваюць успаміны, лісты, фатаграфіі ўдзельнікаў рэвалюцыйнага, нацыянальна-вызваленчага, партызанскага і антыфашысцкага руху; дакументы па гісторыі беларускай пагранічнай акругі, малааб’ёмных калгасаў Бераставіцкага, Васілішкаўскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага, Жалудоцкага, Зэльвенскага, Мастоўскага, Поразаўскага, Свіслацкага, Скідзельскага, Сапоцкінскага, Шчучынскага раёнаў Гродзенскай вобласці; матэрыялы па асабовым складзе ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў за 1944-1962 гады і інш.

Сёння Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці – гэта сучасная ўстанова, галоўнай задачай якой з’яўляецца захаванасць гістарычнай і культурнай спадчыны раёна, папулярызацыя дакументаў. У цяперашні час архіў мае пяць аддзелаў: аддзел забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў, аддзел інфармацыйна-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій, аддзел інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў, аддзел справаводства і фарміравання НАФ, аддзел навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў.

Сёння архіўны працэс забяспечваюць больш за 40 чалавек, а на момант стварэння архіва ўсяго 22. На рахунку архівістаў Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці тысячы выяўленых дакументаў, сотні напісаных артыкулаў, інфармацый, дзясяткі праведзеных выстаў, тэле – і радыёперадач. Дакументы архіва запатрабаваныя шырокім колам карыстальнікаў. У іх ліку: гісторыкі, філолагі, краязнаўцы, прадстаўнікі розных арганізацый і ўстаноў, даследчыкі з краін блізкага і далёкага замежжа: Польшчы, Літвы, Ізраіля, Канады, ЗША і інш.

Архіў ўдзельнічае і ў міжнародных праектах. У 1993-1994 гадах па фондах архіва на тэму, звязаную з гісторыяй яўрэйства ў перыяды I і II Сусветных войнаў, працавалі прадстаўнікі Інстытута памяці ахвяр Катастрофы і герояў супраціву «Яд Вашэм». У 2005 годзе на адкрыцці мемарыяла забітым яўрэям Еўропы ў г. Берліне архівам быў прадстаўлены спіс вязняў Карэліцкага гета.

У 2006 годзе архіў удзельнічаў у V Нацыянальнай філатэлістычнай выставе «Белфіла-2006», арганізаванай Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і Гродзенскім філіялам РУП «Белпошта», і прадставіў экспазіцыю па гісторыі абарачэння паштовай карэспандэнцыі на тэрыторыі Гродзеншчыны ў перыяд 1921-1939 гадоў. Прадстаўленая архівам калекцыя атрымала высокую ацэнку журы і была ўдастоена залатога медаля. У 2012-2013 гадах архівам была праведзена вялікая праца па сканаванні дакументаў і складанні баз дадзеных савецкіх ваеннапалонных у перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў рамках міжнароднага праекта Саксонскія мемарыялы https://ru.stsg.de/cms/dokstelle/content/o-tsentre/tsentr-dokumentatsii.
У гэтым жа годзе дырэктар архіва Л.І. Юніна прыняла ўдзел у трохбаковай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаўных архіўных службаў і ўстаноў Украіны, Расіі і Беларусі, якая праходзіла ў г. Ужгарадзе (Украіна). У 2015 годзе архіў прыняў удзел у прафесійнай сустрэчы архівістаў Беларусі, Расіі і Казахстана.

У апошнія гады архіў робіць пэўныя крокі ў галіне публікацыйную дзейнасці. Пра гэта сведчаць выдадзеныя зборнікі дакументаў «Гродзенская вобласць у дакументах і матэрыялах (1944-1995)» (2004), «Гродзеншчына напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (2005), «Аўгустоўскі канал i яго наваколле (па дакументах Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці)» (2011), «Гродзенская праваслаўная епархія (1921-1939): дакументы і матэрыялы» (2016), «Праваслаўная царква на тэрыторыі Гродзенскай вобласці (1944-1991 гг.). Дакументы і матэрыялы» (2020), «Гродзеншчына ў ліпені-верасні 1920 г.: улада і грамадства. Дакументы і матэрыялы» (2022) і даведнік «Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (1919-2000)» (2007).

Сайт Президента Республики Беларусь Сайт Архивы Беларуси Министерство юстиции Республики Беларусь Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь Главное управление юстиции Гродненского облисполкома Белорусский научно-исследовательский институт документоведения и архивного дела Год качества Стоп экстремизм 80 лет освобождения беларуси