20 лютага 2024 года ў Гродзенскім абласным выканаўчым камітэце адбылася 67-я сесія Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 28-га склікання. У ходзе правядзення сесіі Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці прадставіў выставу дакументаў «Гісторыя парламентарызму на Гродзеншчыне».
На выставе былі прадстаўлены дакументы, якія адлюстроўваюць станаўленне і развіццё першых органаў савецкай улады на тэрыторыі Гродзеншчыны – валасных і павятовых ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў. Экспазіцыя ўключала ў сябе таксама дакументы па гісторыі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў за 1948-2000 гады: пратакол пасяджэння першай сесіі Савета дэпутатаў першага склікання, рашэнні Савета, якія адлюстроўваюць працэс пасляваеннага аднаўлення і далейшага развіцця народнай гаспадаркі вобласці, даклады мандатных камісій, статыстычныя справаздачы аб складзе дэпутацкага корпуса і многія іншыя дакументы.