Сёння, 22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, роўна ў 12.00 у чытальнай зале сабраліся супрацоўнікі архіва, каб прыняць удзел ва Усебеларускай акцыі і ўшанаваць хвілінай маўчання ўсіх, хто цаной свайго жыцця ўнёс уклад у Вялікую Перамогу, пацярпеў ад дзеянняў нямецка-фашысцкіх акупантаў; успомніць пра вялікі подзвіг і выпрабаванні, праз якія давялося прайсці беларусам і іншым народам Савецкага Саюза ў гады вайны.
У гэтую адну з самых трагічных дат у гісторыі Беларусі супрацоўнікі архіва таксама ўсклалі кветкі да брацкай магілы загінуўшых савецкіх воінаў і партызан у парку імя Жылібера. Велічны дзесяціметровы гранітны абеліск, увянчаны залатой зоркай, складае адзіную кампазіцыю са скульптурай савецкага воіна з баявым сцягам у руках. Менавіта тут з 1984 года гарыць Вечны агонь, а сам мемарыял урачыста адкрыты 1 мая 1949 года. Менавіта тут роўна ў 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня штогод праходзяць мітынгі-рэквіемы і патрыятычныя акцыі.
Страшная вайна доўжылася без малога 4 гады, пакінуўшы свой адбітак у кожным доме і сэрцы. Гродна адным з першых сустрэў націск нямецка-фашысцкіх захопнікаў і, насуперак іх планам, стрымліваў яго доўгі час. На тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысты стварылі больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. У гады вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара. А ў цэлым, СССР заплаціў за перамогу над гітлераўскай Германіяй жыццямі больш за 26 мільёнаў чалавек. Многія загінулі на палях бітваў, у канцлагерах, былі параненыя, кантужаны, трапілі ў палон, трапілі ў спісы зніклых без вестак, былі сагнаны, вярнуліся пакалечанымі. Але выстаялі, змаглі, усталявалі Мір! Памяць пра іх будзе жыць вечна.
У гэты дзень супрацоўнікам архіва, а таксама студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы была прадстаўлена выстава дакументаў “Забыццю не падлягае”. Загадчык сектара публікацыі і Археаграфічнай апрацоўкі дакументаў В.І.Шнэк распавяла аб дакументах, прадстаўленых на выставе, аб шкодзе прычынным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Гродзеншчыне, а таксама аб неабходнасці асвятлення дакументальна пацверджаных фактаў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.




