18 кастрычніка 2024 года ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю архіва. На сходзе прысутнічалі супрацоўнікі архіва і заслужаныя работнікі архіўнай галіны.
З юбілейнай датай калектыў архіва павіншавалі намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта В.Т.Рудая, начальнік аддзела па архівах, загсах і іншых прававых пытаннях галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта А.Ю.Забалотная, дырэктар архіва С.І.Міклашэвіч. Віншаванні ў адрас архіва прагучалі і ад дырэктараў архіваў Гродзенскай вобласці С.Г.Свірко, А.С.Забелінскай, Л.М.Горбач.
У сувязі са знамянальнай датай шэрагу спецыялістаў архіўнай установы былі ўрачыста ўручаны граматы і падзячныя лісты. Асобныя словы падзякі і памятныя падарункі атрымалі ветэраны архіўнай галіны. Тых, хто не змог прысутнічаць на мерапрыемстве, супрацоўнікі архіва наведалі ў індывідуальным парадку.
У ходзе мерапрыемства калектыву і гасцям архіва была прадстаўлена Кніга Пашаны, заснаваная з мэтай захавання памяці аб архівістах, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё архіўнай галіны, а таксама альбом «Архівісты – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны».





