27 сакавіка 2024 года ў рамках акцыі “Архівы − школе” установай “Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці” для навучэнцаў 10 “К” класа ДУА “Сярэдняя школа № 37 г. Гродна” быў праведзены ўрок на тэму “Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі горада Гродна”.
Супрацоўнікі архіва расказалі школьнікам аб складзе дакументаў і асноўных напрамках работы ўстановы; прадэманстравалі дзецям унікальныя дакументальныя матэрыялы нямецкіх акупацыйных органаў улады: карткі ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў нямецкіх лагерах, рабочыя пасведчанні грамадзян, адпраўленых на працу ў Германію, пасведчанні вязняў гета, анкеты рабочых, паведамленні аб прызыве на працу. Навучэнцы таксама пазнаёміліся з дакументамі партызанскіх і падпольных брыгад, якія дзейнічалі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі.
Таксама ўвазе навучэнцаў былі прадстаўлены экспануемыя ў чытальнай зале архіва выставы дакументаў, прысвечаныя падзеям і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны: “Гэты дзень мы набліжалі, як маглі…”, “Ішла вайна народная. Партызаны і падпольшчыкі Гродзеншчыны”, “Забыццю не падлягае”.
Завяршыўся ўрок агляднай экскурсіяй па архівасховішчы, падчас якой школьнікам распавялі пра ўмовы і асаблівасці захоўвання дакументаў.

