Колькасць фондаў: 1743
10 калекцый
569 601 адзінак захоўвання
Храналагічны перыяд: з 1919 г. па цяперашні час
Тэрытарыяльны ахоп:
Заходняя Беларусь у складзе Польшчы (асобныя тэрыторыі)
скасаваныя Васілішкаўскі, Жалудокскі, Поразаўскі, Скідзельскі, Сапоцкінскі раёны
горад Гродна, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Зэльвенскі, Мастоўскі, Свіслацкі і Шчучынскі раёны Гродзенскай вобласці
Склад фондаў:
Самыя раннія дакументы архіва адносяцца да перыяду існавання на Гродзеншчыне першых органаў Савецкай улады – ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў (1920 г.). Гэта дакументы аб арганізацыі партыйных і камсамольскіх ячэек; загады, распараджэнні і пратаколы пасяджэнняў павятовых і валасных рэвкамаў па ўсіх напрамках палітычнай, эканамічнай і грамадскай дзейнасці; спісы валасцей і населеных пунктаў і звесткі аб колькасці ўрочышчаў, маёнткаў, фальваркаў і колькасці жыхароў у іх; матэрыялы аб рабоце Гродзенскага тэатра і інш.
У архіве захоўваецца значны комплекс дакументаў устаноў Польскай Рэспублікі, якія існавалі на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства (акрамя Баранавіцкага і Валожынскага паветаў), Ваўкавыскага і Гродзенскага паветаў Беластоцкага ваяводства. Эканамічны стан краю, правядзенне аграрнай рэформы, хутарызацыя сялянскіх гаспадарак, падатковая палітыка асветлены ў фондах Навагрудскага ваяводскага ўпраўлення, павятовых старостваў, праўленняў, гмінных рад, зямельных упраўленняў і надлесніцтваў.
Фонды настаўніцкіх семінарый, гімназій змяшчаюць загады, цыркуляры і распараджэнні Міністэрства рэлігійных культаў і грамадскай асветы, папячыцельстваў Варшаўскай і Віленскай навучальных акруг, пратаколы пасяджэнняў педагагічных саветаў і дзяржаўных экзаменаў, спісы выкладчыкаў і навучэнцаў, ведамасці паспяховасці і інш.
У справаздачах, данясеннях, судовых справах паліцэйскіх судовых устаноў, Гарадзенскай турмы ўтрымліваюцца звесткі пра грамадзка-палітычны рух і выступы працоўных у 1935-1936 гг. у абарону рэвалюцыянера С. А. Прытыцкага, прысуджанага польскім судом да смяротнага пакарання; аб утрыманні ў Гродзенскай турме паэтаў М. Машары, Ф. Пестрака, В. Таўлая. Дакументы фондаў устаноў перыяду буржуазнай Польскай Рэспублікі ў асноўным на польскай мове.
Дакументы перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі прадстаўлены фондамі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, якія дзейнічалі ў той час на акупаванай тэрыторыі, і ілюструюць палітыку нямецкіх улад.
Самы вялікі масіў дакументаў архіва – гэта дакументы савецкага перыяду. Дакументы 1939-1941 гг. адлюстроўваюць гісторыю ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай (БССР), сацыялістычных пераўтварэнняў эканомікі і культуры напярэдадні вайны. Асноўную частку фондаў архіва пасляваеннага перыяду складаюць фонды органаў дзяржаўнай улады і кіравання, дзяржаўнага і народнага кантролю, юстыцыі, суда і пракуратуры, планавання і статыстыкі, фінансавання, дзяржаўнага страхавання; устаноў і арганізацый сельскай, лясной і воднай гаспадаркі, будаўніцтва і архітэктуры, камунальнай гаспадаркі, транспарту і сувязі, гандлю, грамадскага харчавання, кааперацыі, народнай адукацыі, культуры, мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі, аховы здароўя, сацазабеспячэння, фізкультуры і спорту, прафсаюзных і іншых грамадскіх арганізацый. Гэтыя фонды змяшчаюць дакументы, якія адлюстроўваюць асноўную дзейнасць, функцыі названых устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў.
Дакументы ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, створаных у 90-я гг. XX ст., прадстаўлены ў фондах падатковых інспекцый, камітэта па дзяржмаёмасці, адкрытых акцыянерных таварыстваў, сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў.
У фондах асабістага паходжання архіва сабраны дакументы аб жыцці і дзейнасці доктара гістарычных навук, прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Я. Н. Мараша; філосафа, члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР, ураджэнца г. Гродна А. А. Макавельскага; пісьменніка А. Карпюка; дырэктара Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці, заслужанага дзеяча культуры БССР А. М. Плешавені; доктара медыцынскіх навук, прафесара В.У. Бржэскага, дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва ў г. Гродне, заслужанага работніка культуры БССР, гісторыка-архівіста К.П. Батраковай; кандыдатаў гістарычных навук, прафесараў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы І.І. Коўкеля, В.М. Чарапіцы, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна горада Гродна Г.І. Абялеўскага.
У архіве ёсць калекцыі дакументаў удзельнікаў Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, рэвалюцыйнага руху на Гродзеншчыне і партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны; дакументаў на рэпатрыяваных грамадзянскіх асоб і савецкіх ваеннапалонных, дакументаў фільтрацыйных спраў грамадзян, якія вярнуліся з Германіі; дакументаў па асабовым складзе за 1944-1962 гг.; дакументаў па гісторыі Беларускай пагранічнай акругі, сабраных У.П.Верхасем; калекцыя лічбавых копій на правах арыгіналаў дакументаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і прычыненага імі ўрону грамадзянам, калектыўным гаспадаркам (калгасам), грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР (ЧДК) па г. Гродна. Бераставіцкаму Васілішкаўскаму, Ваўкавыскаму, Гродзенскаму, Зэльвенскаму, Мастоўскаму, Поразаўскаму, Радунскаму, Свіслацкаму, Скідзельскаму, Сапоцкінскаму, Шчучынскаму раёнам Гродзенскай вобласці БССР, перададзеных з Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі.